Пра Дзень беларускага пісьменства, які пройдзе ў г.Івацэвічы Брэсцкай вобласці 1 верасня 2024 года
24.07.2024 г.Дзень беларускага пісьменства з'яўляецца нацыянальным святам і адзначаецца штогод у першую нядзелю верасня.
Традыцыйна свята праводзіцца ў гарадах, якія з'яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання.
Упершыню, у 1994 годзе, свята праходзіла ў старажытным Полацку.
Затым сталіцамі свята станавіліся такія гістарычна значныя культурныя цэнтры краіны, як Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў. Іванава, Слонім, Бялынічы, Капыль, Добруш, Гарадок.
У 2024 годзе сталіцай свята вызначаны горад Івацэвічы Брэсцкай вобласці.
Асноўная ідэя свята — беражлівае захаванне і развіццё духоўнай спадчыны Беларусі, прапаганда нацыянальных культурных традыцый, паказ іх узаемасувязі са славянскімі вытокамі і з сённяшнім днём, дэманстрацыя пастаяннага клопату дзяржавы аб духоўна-маральным развіцці грамадства ў кантэксце падтрымкі кнігі і чытання, нацыянальнай літаратуры і кнігавыдання.
Штогод на свята збіраюцца тысячы гасцей з усёй Беларусі і замежжа.
Сярод ключавых мерапрыемстваў свята — рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў з Жыватворным Агнём ад Труны Гасподняй». Экспедыцыя праходзіць па гарадах і сёлам некалькіх рэгіёнаў краіны і заканчвае работу ў сталіцы правядзення свята.
Праграма свята ўключае Міжнародны круглы стол з удзелам замежных літаратараў, фінал Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», навукова-практычную канферэнцыю, прысвечаную гісторыі горада — сталіцы свята, займальныя віктарыны, квэсты, Фестываль кнігі і прэсы.
Акрамя таго, на розных гарадскіх пляцоўках да ўвагі гасцей і ўдзельнікаў Дня беларускага пісьменства прадстаўлены экспазіцыі музеяў і бібліятэк, майстроў народнай творчасці, мастакоў і г.д.
У дзень адкрыцця свята на галоўнай сцэне праходзіць цырымонія ўручэння «Нацыянальнай літаратурнай прэміі».
Пра Івацэвіцкі раён
Адміністрацыйны падзел
Адміністрацыйна раён падзелены на 1 гарадскі і 10сельскіх саветаў. У складзе раёна 107 сельскіх населеных пунктаў, гарадскі пасёлак Целяханы, гарады Івацэвічы і Косава. У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця сяла на 2005-2010 гг. 15 сельскіх населеных пунктаў раёна добраўпарадкаваны ў аграгарадкі.
Геаграфія
Горад Івацэвічы размешчаны на правым беразе ракі Грыўда, за 136 км на паўночны ўсход ад Брэста і за 206 км ад Мінска Івацэвіцкі раён — адзін з найбуйнейшых раёнаў Брэсцкай вобласці. Яго плошча складае 2998 кв.км ці 9% ад тэрыторыі вобласці. Працягласць межаў раёна перавышае 250 кіламетраў. Ён мае працягласць з захаду на ўсход 83 км, а з поўначы на поўдзень — 66 км.
Івацэвіцкі раён мяжуе на захадзе з Бярозаўскім раёнам, на паўднёвым захадзе — з Іванаўскім, на поўдні — з Пінскім, на ўсходзе — з Баранавіцкім, Ляхавіцкім і Ганцавіцкім раёнамі, на поўначы — са Слонімскім раёнам Гродзенскай вобласці і на паўночным захадзе — з Пружанскім раёнам.
Паўночную частку раёна займаюць схілы Слонімскага ўзвышша, паўночна-ўсходняе — Баранавіцкая раўніна, паўднёвую — Прыпяцкае Палессе. Пераважаюць вышыні 150-170 м над узроўнем мора, максімум — 203 м (каля в. Жамойдзякі), мінімум — 141 м (зрэз вады воз. Гошча). Карысныя выкапні: торф, гліна, мел, будаўнічыя пяскі, запасы сапрапеляў.
У раёне пераважаюць тарфяна-балотныя і балотныя глебы, якія займаюць 52 працэнты агульнай плошчы землекарыстання, 45,8 працэнта тэрыторыі раёна складаюць лясы. Лясы раёна пераважна змешаныя, займаюць плошчу 148,6 тыс.га або 49,6 працэнта плошчы раёна. Меліяравана 55 тыс. га. На тэрыторыі Івацэвіцкага раёна размешчана 8 сажалак, 5 вадасховішчаў і 10 азёр агульнай плошчай 4608 га, Агінскі канал, працякае 12 сярэдніх і малых рэк, агульная даўжыня якіх у межах раёна складае больш за 248 кіламетраў. На паўночным усходзе раёна працякае рака Шчара з прытокамі Мышанка і Грыўда, на паўднёвым захадзе — рака Жыгулянка (прыток Ясельды). Самыя вялікія азёры — Выганашчанскае і Бабровіцкае.
Бабровіцкае возера размешчана за 40 км ад г.Івацэвічы, каля в.Бабровічы. Плошча 9,47 кв.км, даўжыня 4,9 км.
Выганашчанскае возера — самае вялікае возера ў Брэсцкай вобласці. Размешчана за 17 км на поўнач ад г.п.Тэляханы на водападзеле рэк Шчара і Ясельда, на тэрыторыі філіяла ДПУ «Белавежская Пушча» лесапаляўнічая гаспадарка «Выганашчанская». Знаходзіцца на вышыні 153,1 м над узроўнем мора. Плошча 26 км кв. Даўжыня 7 км, найбольшая шырыня 4.8 км, найбольшая глыбіня 2.3 м, сярэдняя 1.2 м, даўжыня берагавой лініі 21 км. Вадазбор 87.1 км кв. Гэта трэці па плошчы натуральны вадаём Палесся, які саступае памерамі толькі воз. Чырвонае і воз. Свіцязскае (Украіна). Возера ляжыць у натуральным водападзеле рэк Шчара і Ясельда, таму нядзіўна, што яно выкарыстоўвалася для стварэння воднага шляху з басейна Прыпяці ў басейн Нёмана. Праз яго праходзіў Агінскі канал, злучаючы рэкі Шчара і Ясельда.
Сомінскае возера размешчана ў басейне Агінскага канала. Плошча 0,41 кв. км. Глыбіня 33,5 м. Гэта самае глыбокае возера Брэсцкай вобласці. Даўжыня 900 м, шырыня — 650 м. Дно да глыбіні 10 метраў пясчанае.
Агінскі канал стаў брэндам Івацэвіцкага раёна. Гэта самы стары беларускі канал. Пабудаваны ў 1767-1783 гадах па ініцыятыве і на сродкі М.К. Агінскага, ён злучыў праз сістэму рэк і азёр паміж сабой Чорнае і Балтыйскае мора. Даўжыня 54 км разам з Выганашчанскім і Вулькаўскім азёрамі. Большая частка канала размешчана ў межах Івацэвіцкага раёна. Гэты канал з'яўляўся суднаходным на працягу XIX і ў XX стагоддзі да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Захаваўся адзін шлюз пры ўпадзенні ў канал р.Шчара. Рэканструявана частка канала ад возера Выганашчанскае да в. Выганашчы — 5 км. На беразе канала ёсць камфортная хата паляўнічага на 14 месцаў.
На тэрыторыі раёна знаходзіцца найбуйнейшае балота Беларусі — Выганашчанскае. Амаль уся паўночная палова вадазборнага пляца занята шырокім балотам Пагоня, які распасціраецца да паўднёва-заходняга ўскрайка возера Выганашчанскае. Па гэтым балоце праходзіць водападзел паміж азёрамі Бабровіцкае і Выганашчанскае. Яно пакрыта сеткай меліярацыйных каналаў, якія маюць сцёк у абодва азёры. У паўночнай частцы заліва Бярозаў бярэ пачатак канал Дзевяты, праз які Бабровіцкае звязана з Грыўдай.
На тэрыторыі раёна размешчана большая частка (больш за 70%) ландшафтнага заказніка рэспубліканскага значэння «Выганашчанскае». Гэты заказнік з'яўляецца самым буйным (плошча 43 тыс. га) сярод гідралагічных асабліва ахоўных прыродных тэрыторый краіны. Ён створаны ў 1968 годзе з мэтай захавання найбуйнейшага ў Еўропе балотнага масіву на водападзельнай паласе рэк Чарнаморскага і Балтыйскага басейнаў і з'яўляецца найбуйнейшым у Беларусі суцэльным масівам непарушаных балот.
У раёне 3 батанічныя помнікі прыроды рэспубліканскага значэння: насаджэнні карэльскай бярозы ў Івацэвіцкім і Целяханскім лясгасах, Чыстая дуброва ў Івацэвіцкім лясгасе. У Чырвоную кнігу Беларусі занесены 23 віды раслін (у т.л. шматножка звычайная, зубянка клубняносная, луннік ажываючы, вярба чарнічная, чын ільнолістая, плюшч звычайны, мытнік скіпетрападобны, кадзіла сармацкае, званочак шыракалісты, лілея кучараватая, лук мядзведжы, венерын чаравічак сапраўдны, любка зеленоцветковая) і 39 відаў жывёл (у тым ліку сажалкавая начніца, малая вячэрніца, крапчаты суслік, вялікі бугай, чорны бусел, шэры гусь, арлан-белахвост, змеяд сыч, барадатая няясыць, балотная сава, звычайны зімародак, бела-спінны дзяцел, чубаты жаўрук, палявы канёк, вяртлявая чарацянка, балотная чарапаха). З паляўніча-прамысловых жывёл водзяцца лось, алень, казуля, кабан, ліса, заяц-бяляк і заяц-русак, янотападобны сабака, шэрая курапатка, рабчык, слонка, балотная дзічына і інш.